МСЦІСЛА́Ў УСЕ́ВАЛАДАВІЧ,
князь гродзенскі ў 12 ст. Сын Усевалада Давыдавіча. У 1167 дапамог валынскаму кн. Мсціславу Ізяславічу заняць кіеўскі пасад. У 1168 (1167?) удзельнічаў у паходзе Мсціслава на полаўцаў. Пасля таго як у 1169 Андрэй Багалюбскі захапіў Кіеў, М.У. у 1170 дапамог Мсціславу на кароткі час аднавіць уладу над горадам: верагодна, хадзіў на полаўцаў, бо яго тысяцкі быў імі захоплены ў палон. У 1173 (1174?), пэўна, быў сярод гродзенскіх князёў, якіх Багалюбскі прымусіў удзельнічаць у паходзе на Кіеў. Хадзіў на полаўцаў у 1183 (1184?) у складзе войска вял. князя кіеўскага Святаслава Усеваладавіча. Адны даследчыкі атаясамліваюць Гарадзен, якім валодаў М.У., з сучасным г. Гродна, другія — з в. Гарадная Столінскага р-на або лакалізуюць яго на Валыні.
т. 10, с. 537
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)